Зорка, якая запалілася на Ашмяншчыне

Сёлета споўнілася 125 гадоў  з дня нараджэння Марыі Дзмітрыеўны Міцкевіч (Каменскай), жонкі класіка беларускай літаратуры Якуба Коласа, ураджэнкі горада Ашмяны.

Марыя Міцкевіч (Каменская)

Альбуць…Ласток…Мікалаеўшчына… Мінск… Ташкент… Сярод месц, якія аказалі ўплыў на жыццёвы ход і творчасць Якуба Коласа Ашмяны не ўпамінаюцца. Між тым, менавіта ў нашым горадзе нарадзілася спадарожніца жыцця пісьменніка, яго “самы лепшы, добры і шчыры друг” – Марыя Дзмітрыеўна.

7 лютага (26 студзеня) 1891 года ў сям’і псаломшчыка Спаса-Васкрасенскай царквы Дзмітрыя Аляксандравіча Каменскага і Марыі Цімафееўны нарадзілася дачка, якой далі імя Марыя. Бацька яе прыехаў у Віленскі край у 1863 годзе з Яраслаўля, дзе дагэтуль вучыўся на багаслоўскім курсе Яраслаўскай духоўнай семінарыі. Дзед Марыі – Аляксандр Каменскі – таксама быў святаром у Яраслаўскай губерні. Маці Марыі — Марыя Цімафееўна (дзявочае прозвішча невядома) паходзіла з сям’і памешчыцы лютэранскага веравызнання Генрыеты Карлаўны фон Гагенлоэ, якая мела зямельныя ўладанні ў Віленскім краі. Апошняя пражыла 85 гадоў, памерла ў 1910 годзе і пахавана ў Вільні.

Усяго ў сям’і Марыі Цімафееўны і Дзмітрыя Аляксандравіча Каменскіх было пяць сыноў: Васіль, Іван, Мікалай, Міхаіл, Аляксандр і дзве дачкі – Вольга (памерла ў маладосці) і Марыя, будучая жонка паэта.

Вядома, што сям’я Каменскіх жыла непрацяглы час у Ашмянах, па меркаванні Веры Данілаўны Міцкевіч (унучкі паэта), каля 4 – 5 год. Можна зрабіць вывад, што да гэтага Каменскія пражывалі ў мястэчку Кукуцішкі Свянцянскага павета Віленскай губерні, дзе ў 1874 годзе нарадзіўся старэйшы брат Марыі Дзмітрыеўны Іван. Бацька ў той час працаваў настаўнікам Кукуцішскага народнага вучылішча. У Ашмянах жа, у 1888-м годзе Іван Каменскі скончыў курс павятовага вучылішча, тут нарадзіліся Аляксандр і Марыя Каменскія. Пасля сям’я пераехала на іншае месца жыхарства, па звестках Веры Данілаўны, у Слонімскі павет.

У 1910 годзе сям’я Каменскіх збудавала дом у прыгарадзе Вільні “Павільнюсе”, (так званае паселішча “Віленская Чыгуначная Калонія”). Дом быў аформлены на Марыю Дзмітрыеўну, яна ў 1922 годзе перадала будынак па даверанасці старэйшаму брату Івану, які пражыў там да канца сваіх дзён.

Дзяўчынкаю Марыя вучылася ў духоўным вучылішчы, затым працавала настаўніцай чыгуначных школ, спачатку ў Вільні, потым у Пінску…

К таму часу Якуб Колас адбыў тэрмін зняволяння за ўдзел у нелегальным настаўніцкім з’ездзе, у яго характарыстыцы значылася «недабранадзейны». Сябры не пакінулі паэта ў бядзе, знайшлі Коласу настаўніцкае месца на Піншчыне. У 1912-м адбылося знаёмства 30-гадовага Канстанціна Міцкевіча і 21-гадовай Марыі Каменскай. Маладыя людзі сустракаліся амаль год. У чэрвені 1913 года яны павянчаліся ў Праабражэнскай (Чыгуначнай) царкве ў Пінску. Пасля вяселля маладыя наведалі сваякоў Марыі Каменскай у прыгарадзе Вільні.

Неўзабаве пачалася Першая сусветная вайна, Коласа забралі ў войска. Цяжар трывожнага, неўладкаванага жыцця выпаў і на крохкія плечы Марыі Дзмітрыеўны. Падмаскоўе… Перм… Нараджэнне другога сына  Юркі.  На Куршчыне Канстанцін Міхайлавіч з жонкай уладкаваліся на педагагічную працу. У маі 1921 года Якуб Колас з сям’ёй вяртаюцца на Беларусь. Для пісьменніка пачынаецца перыяд актыўнай грамадскай і творчай дзейнасці.

“Народжаная толькі для яго”, Марыя Дзмітрыеўна была першым чытачом, слухачом, крытыкам твораў Якуба Коласа.  Ён вельмі цаніў заўвагі жонкі, лічыўся з яе думкай. Руская па нацыянальнасці, Марыя Дзмітрыеўна дасканала ведала і любіла меладычную беларускую мову, як сведчылі сыны  Даніла і Міхась. У доме гаварылі па-беларуску. Яна ведала шмат беларускіх песень і хораша спявала.

Акрамя таго, на плячах Марыі Дзмітрыеўны ляжаў увесь цяжар хатніх турбот. Вялікую сям’ю, якая складалася з гаспадара і гаспадыні, траіх дзяцей, бабулі Марыі Цімафееўны, дзядзькі Аляксандра Дзмітрыевіча, выхаванцаў, патрэбна было накарміць, дагледзіць. Марыя Дзмітрыеўна шмат намаганняў укладвала ў будоўлю новага дома. “…У пакоі кветкі, чысціня цудоўная, цёпла, павявае ціхай хатняй утульнасцю. І што мне кінулася ў вочы: адносіны паміж Канстанцінам Міхайлавічам і Марыяй Дзмітраўнай. Гэта перш за ўсё надзвычайная блізкасць…, далікатнасць у абыходжанні, цеплыня, разуменні адзін аднаго з першага погляду”. – такім прадставаў дом Коласа ва ўспамінах Ніны Загурскай, былой студэнткі Белпедтэхнікума.

Найцясней з усіх членаў сям’і гераіня гэтага аповеда была звязана з братам Аляксандрам, які жыў у сям’і Якуба Коласа з 1916 па 1938 гады. Ён быў халасцяком і ва многім паўтарыў лёс дзядзькі Антося з паэмы “Новая зямля”. Аляксандр Дзмітрыевіч працаваў настаўнікам, дапамагаў сястры Марыі па гаспадарцы. Але ў лютым 1938 года “дзядзька Саша” быў арыштаваны і высланы ў лагер на Урал. Асабліва цяжка перажывала гэта Марыя Дзмітрыеўна, якая адпраўляла брату пасылкі і спадзявалася на лепшае. Якуб Колас неаднаразова хадайнічаў за швагра, але ўсё было марна… “Дзядзька Саша” загінуў далёка ад родных.

Апошнiя чатыры гады жыцця для Марыi Дзмiтрыеўны былi цяжкiм выпрабаваннем. На пачатку Вялікай Айчыннай вайны Міцкевічы пакінулі ахоплены пажарамі Мінск і дзевяць дзён дабіраліся да Масквы. Затым – эвакуацыя ў Ташкент. Моцным ударам стала гібель сярэдняга сына Юркі, ад якога апошні ліст прыйшоў увосень 1941-га.

  Стан Марыі Дзмітрыеўны паступова пагаршаўся. У канцы 1944 года яна паспяхова перанесла аперацыю, аднак там, у бальніцы, у яе пачалося хранічнае запаленне лёгкіх… У ноч з 20 на 21 мая 1945 года Марыі Дзмітрыеўны не стала. У адным са сваіх лістоў Якуб Колас пісаў: “… памёр май самы блізкі, самы дарагі друг, Маруся… 24 мая пахавалі ў Мінску на Ваенных могілках. Адчуваю сябе так, як бы мне адсеклі правую руку і адабралі палавіну душы. Цяжка мне і пуста…”.

Амаль 32 гады пражылі разам Марыя Дзмітрыеўна і Канстанцін Міхайлавіч. Яна ўдала спалучала ролі жонкі паэта-генія, маці траіх дзяцей, клапатлівай сястры, перажыла дзве сусветныя вайны і страты самых блізкіх людзей. Марыі Дзмітрыеўне не пашчасціла пабачыць аніводнага ўнука ці ўнучкі. Таму калі ў Якуба Коласа нарадзілася першая ўнучка, то яе, зразумела, назвалі Марыяй.

Праз некаторы час пасля смерці жонкі Якуб Колас напісаў:

І толькі мне адно сягоння горка:
Няма таго, з кім думкі я дзяліў,
З кім тут стаяў,

З кім я шчаслівы быў, —
Пагасла ты, яснюсенькая зорка.

Марыя Дзмітрыеўна была сапраўднай зоркай,  якая дарыла сваё святло і цяпло сямейнікам, сябрам,  знаёмым, зоркай, якай запалілася на Ашмяншчыне…

Марыя Міцкевіч з сынам Міхасём. 1928 г.

Марыя Міцкевіч (Каменская) з сынам Міхасём

Настасся Навіцкая, дырэктар УК “Ашмянскі краязнаўчы музей імя Ф.К. Багушэвіча”.

Аўтар выказвае падзяку Веры Данілаўне Міцкевіч за дапамогу пры напісанні артыкула.

Поделиться в соц. сетях

Опубликовать в Facebook
Опубликовать в LiveJournal
Опубликовать в Мой Мир
Опубликовать в Одноклассники

Пока нет комментариев

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

language / язык

Афіша

Афіша

Вальс Победы

Мы на Одноклассниках

Афіша