100 гадоў БССР: палітычныя пераўтварэнні на дзяржаўным і на мясцовым ўзроўнях

1 студзеня 2019 года спаўняецца 100 гадоў з моманту абвяшчэння Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь. Важнасць гэтай падзеі заключаецца ў тым, што пераадольваючы шматлікія цяжкасці, было забяспечана сапраўднае рашэнне пытання аб самавызначэнні беларусаў шляхам стварэння беларускай савецкай дзяржавы.

Станаўленне беларускай дзяржаўнасці адбывалася ў складанай эканамічнай і ваенна-палітычнай абстаноўцы, якая была абумоўлена Першай сусветнай вайной, падзеямі Кастрычніцкай рэвалюцыі і грамадзянскай вайны, ваеннай інтэрвенцыяй краін Антанты.

Калі зрабіць падарожжа на машыне часу і перанесціся на 100 год назад, то можна ўбачыць, што ў канцы лістапада-пачатку снежня 1918 г. заходняя частка тэрыторыі Беларусі і горад Мінск яшчэ былі акупіравана кайзераўскімі войскамі. Аднак пасля лістападаўскай рэвалюцыі ў Германіі урад РСФСР ануліраваў Брэсцкі мірны дагавор з гэтай краінай. Паступова бальшавіцкія войскі пачынаюць прасоўвацца на захад, пад юрысдыкцыю савецкай улады адыходзяць  ўсё новыя, у тым ліку і беларускія тэрыторыі. У сувязі з гэтым асаблівую актуальнасць набывае пытанне аб форме і характары дзяржаўнай ўлады на вызваленых землях.

10 снежня 1918 г. германскія войскі пакінулі Мінск, які быў хутка заняты Чырвонай Арміяй. Рада абвешчанай ў лютым-сакавіку 1918 г. Беларускай Народнай Рэспублікі знаходзілася ў стане глыбокага крызісу. Адзін з лідараў БНР А. Луцэвіч ў другой палове лістапада вёў перамовы ў Маскве з У.І. Леніным наконт найбольш актуальных пытанняў утварэння беларускай дзяржавы. Аднак падчас ўступлення ў Мінск Чырвонай Арміі, членаў рады БНР, за выключэннем прадстаўнікоў партыі сацыял-дэмакратаў, ў горадзе не было.

Да канца лістапада 1918 г. савецкія рэспублікі былі створаны ў Эстоніі, Латвіі, Літве, Украінская Савецкая рэспубліка існавала са снежня 1917 г. У пытанні самавызначэння Беларусі сярод партыйных і савецкіх работнікаў не было адзінага меркавання. Камуністы-беларусы, якія ўваходзілі ў склад Белнацкама (Беларускага нацыянальнага камісарыята) і беларускіх секцый РКП(б) пачалі ставіць пытанне аб утварэнні Беларускай савецкай рэспублікі. З другога боку, кіраўніцтва Аблвыканкамзаха (вышэйшы заканадаўчы орган савецкай улады на Заходнім фронце і на тэрыторыі, неакупіраванай германскімі войскамі) лічыла, што існаванне нацыяльнаных рэспублік наносіць шкоду інтарэсам сусветнай рэвалюцыі.

Важным крокам на шляху да сваёй дзяржаўнасці стала канферэнцыя Беларускіх секцый РКП(б), якая адбылася  21 – 23 снежня 1918 года ў Маскве. Яна  прызнала неабходным стварэнне Часовага рабоча-сялянскага ўрада Беларусі і выбрала Цэнтральнае бюро Беларускіх секцый РКП(б) на чале са Зм. Жылуновічам. Канферэнцыя прапанавала ідэю “стварэння Беларускай савецкай рэспублікі як фарпоста расійскай сацыяльнай рэвалюцыі”.

Пытанне аб самавызначэнні Беларусі было вырашана ў апошні тыдзень снежня 1918 г. 25 снежня старшыня Народнага Камісарыята па справах нацыянальнасцей І.В. Сталін паведаміў, што ЦК партыі вырашыў “… пагадзіцца з беларускімі таварышамі на стварэнне Беларускага савецкага ўрада”.

30 снежня 1918 года ў Смаленску распачала работу VI Паўночна-Заходняя абласная партыйная канферэнцыя. Дэлегаты аднагалосна выказаліся за абвяшчэнне Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь. Асобна была прынята пастанова аб тэрыторыі Беларусі: у склад рэспублікі павінны былі ўвайсці Мінская, Смаленская, Магілёўская, Віцебская, Гродзенская губерні поўнасцю, а таксама асобныя раёны Ковенскай, Віленскай, Сувалкаўскай і Чарнігаўскай губерняў.

Канферэнцыя абвясціла сябе І з’ездам Кампартыі бальшавікоў Беларусі. Быў створаны кіруючы орган КП(б)Б – Цэнтральнае бюро КП(б)Б на чале з А. Мясніковым. 31 снежня 1918 года ЦБ КП(б)Б абмеркавала пытанне аб складзе Часовага рэвалюцыйнага рабоча-сялянскага ўрада ССРБ. Было вырашана, што ва ўрад увойдуць прадстаўнікі ад Белнацкама, Паўночна-Заходняга камітэта РКП(б) і Аблвыканкамзаха. Старшынёй урада быў абраны Зм. Жылуновіч.

132271247_Cshka_Gartnuy

Зм. Жылуновіч — першы старшыня Часовага рабоча-сялянскага ўрада ССРБ і яе часовага ваенна-рэвалюцыйнага камітэта

1 студзеня 1919 года Часовы ўрад абнародаваў Маніфест аб абвяшчэнні Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь. Уся ўлада ў Беларусі, адзначалася ў Маніфесце, належыць Саветам рабочых, сялянскіх, батрацкіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў. Зямля, лясы, воды і нетры зямлі, чыгункі, фабрыкі і заводы, банкі становяцца ўласнасцю народа. Маніфест абвясціў раўнапраўе працоўных усіх нацыянальнасцей на тэрыторыі Беларусі, адмяніў усе загады і распараджэнні акупацыйных уладаў, аб’явіў па-за законам раду БНР.5 студзеня 1919 года Часовы ўрад і Цэнтральнае Бюро КП(б)Б пераехалі ў Мінск, які з гэтага часу стаў сталіцай Савецкай Беларусі.

Сваю дзейнасць урад ССРБ пачаў у вельмі цяжкіх палітычных і эканамічных умовах. На вызваленай ад нямецкіх акупантаў беларускай зямлі панавалі разруха, голад і галеча. Знешнепалітычныя абставіны былі таксама складанымі. У лістападзе 1918 г. была створана незалежная польская дзяржава, якая абапіралася на ідэю адраджэння Рэчы Паспалітай у межах 1772 г.  У снежні 1918 г. Польшча перайшла ў наступленне на беларускія і ўкраінскія землі. У адказ на прэтэнзіі Польшчы ЦК РКП(б) 16 студзеня 1919 г. прыняў рашэнне выключыць Смаленскую, Віцебскую і Магілёўскую губерні са складу ССРБ, а Мінскую і Гродзенскую губерні аб’яднаць з Літоўскай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікай. Галоўным матывам гэтага рашэння было стварэнне Літоўска-Беларускай дзяржавы, якая павінна была стаць буферам паміж Расіяй і Польшчай.

Нягледзячы на шматлікія пратэсты, кіраўніцтва БССР вымушана было прыняць пастанову вышэйшага партыйнага органа. 2 – 3 лютага 1919 г. ў Мінску адбыўся І Усебеларускі з’езд Саветаў рабочых, сялянскіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў, які прызнаў неабходнасць аб’яднання Беларускай і Літоўскай савецкіх рэспублік ў адзіную дзяржаву. 3 лютага з’езд прыняў першую Канстытуцыю ССРБ, зацвердзіў герб і сцяг рэспублікі.

У склад Літоўска-Беларускай рэспублікі (Літбел) увайшлі Мінская, Гродзенская, Віленская і Ковенская губерніі. Аднак пазбегнуць вайны з Польшчай не атрымалася…

Самы час перанесціся на тэрыторыю Ашмяншчыны і пабачыць дзяржаўныя пераўтварэнні вачыма жыхароў Ашмянскага павета. Яшчэ ў пачатку вясны 1918 г. ў павеце пачала праяўляць сябе падпольная арганізацыя, якая ўзнікла дзякуючы Мінскаму падпольнаму камітэту партыі. 10 лістапада 1918 г. у павятовым цэнтры ўзнікла падпольная група РКП(б). Падпольшчыкі збіралі і захоўвалі зброю, вялі агітацыю сярод насельніцтва, ратавалі маёмасць ад вывазу ў Германію.

У сярэдзіне снежня 1918 г., пасля адыходу немцаў, ў горадзе склалася двоеўладдзе: буржуазія стварыла камітэт грамадскай бяспекі, камуністы – ваенна-рэвалюцыйны камітэт. Да горада набліжаліся часці Чырвонай Арміі…У выпісцы з журнала баявых дзеянняў 145-га стралковага палка знаходзім… “31 снежня 1918 года. Полк рушыў з вёскі Васюкі. Рух быў асцярожным у сувязі з атрыманымі звесткамі аб белагвардзейцах…  полк прыбыў у 16 гадзін у Ашмяны, дзе быў сустрэты грамадзянамі гэтага мястэчка з чырвонымі сцягамі. Тут быў арганізаваны мітынг, на якім прадстаўнікі мясцовага рэўкома віталі чырвонаармейцаў як сваіх вызваліцеляў”.

г. Ошмяны, ул. Советская, дом, в котором в 1919 - 1920 гг. находился ревком и исполком

Ашмяны, дом па вуліцы Савецкай, дзе ў 1919-1920 гг. знаходзіўся павятовы рэвалюцыйны камітэт і яго выканком

Згодна загаду № 1 Ваеннага савета Маладзечанскага раёна ад 1 студзеня 1919 г. ў Ашмянскім і Вілейскім паветах было аб’яўлена ваеннае становішча. Жыхарам паветаў прадпісана было заховаўць спакой і парадак, ўсім, хто ведае аб знаходжанні банд і арганізацый, варожых Савецкай уладзе, а таксама пра склады зброі, спіртных напояў і прадметаў спекуляцыі, неабходна было паведаміць аб гэтым рэвалюцыйнам уладам.

Час, адведзены на станаўленне савецкай ўлады ў павеце быў нядоўгі: са студзеня па красавік 1919 г. За гэты час склад рэўкома аднавіўся, 10 лютага 1919 г. быў абраны выканком, якому рэўком перадаў уладу. Старшынёй выканкома быў абрана В.В. Чыжэўскі. Для аховы складоў, устаноў, выканання паручэнняў павятовых улад была створана каравульная рота, дзе служылі мясцовыя жыхары; праводзіліся мітынгі, з’езды, мерапрыемствы па адраджэнні гаспадаркі.

Ошмянский уездный ревком 1920 г

Ашмянскі павятовы рэўком. 1920 г.

Становішча ў павеце пасля адыходу кайзераўскіх войск склалася сапраўды цяжкае: голад, нястача прадуктаў. Да голаду далучыліся эпідэміі. 13 студзеня 1919 г. Часовы рэвалюцыйны рабоча-сялянскі ўрад Літвы разглядаў пытанне аб сыпным тыфе ў Нова-Свянцянах і Ашмянах, у сувязі з гэтым было вырашана накіраваць ў гэтыя гарады ўрачоў і фельчараў. Улічваючы гібель на франтах, насельніцтва павета ў 1919 г. ў параўнанні з 1911 г. зменшылася на 31,7%.

15-16 сакавіка ў Маладзечна адбыўся з’езд настаўнікаў Вілейскага, Ашмянскага і Дзісненскага паветаў. Ашмянскі павятовы аддзел па народнай асвеце рэкамендаваў рэфармаваць польскія школы ў працоўныя з прызначэннем туды беларускамоўных настаўнікаў. Аднак выкананню гэтага і іншых пытанняў перашкодзілі ваенныя падзеі.

У канцы красавіка 1919 г. пад Ашмянамі пачаліся баі з польскімі інтэрвентамі. Горад пераходзіў з рук у рукі. Да 10 мая павятовы цэнтр быў заняты польскімі войскамі. Больш за год павет знаходзіўся ў іх руках. Бальшавікі стваралі на акупіраванай тэрыторыі падпольныя арганізацыі, каб арганізаваць ў тыле барацьбу з ворагам. Такія арганізацыі існавалі ў 20 населеных пунктах павета, у тым ліку і ў Ашмянах.

Ошмянский уездный исполком. 1920

Ашмянскі павятовы выканком. 1920 г.

Як мы бачым, станаўленне беларускай дзяржаўнасці адбывалася ў неверагодна цяжкіх эканамічных і палітычных абставінах. Тым не менш, гэта быў важнейшы этап на шляху да абвяшчэння незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Нялёгкімі былі і першыя крокі савецкай ўлады на Ашмяншчыне, ўлады якая прынесла шматлікія пераўтварэнні ва ўсіх сферах гаспадаркі і якая на доўгія гады вызначыла развіццё нашага краю і Беларусі ў цэлым.

Настасся Навіцкая,

дырэктар Ашмянскага краязнаўчага

музея імя Ф.К. Багушэвіча

 

Поделиться в соц. сетях

Опубликовать в Facebook
Опубликовать в LiveJournal
Опубликовать в Мой Мир
Опубликовать в Одноклассники

Пока нет комментариев

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

language / язык

Афіша

Афіша

Мы на Одноклассниках

Афіша