Сцяжынкамі памяці Вінцэнта Мешкуця

Вінцэнт Мешкуць

Ашмянская зямля! Зямля, якая нараджае таленавітых пісьменнікаў і мастакоў, натхняе вялікіх майстроў на нараджэнне ўнікальных твораў. Колькі ж тут памятных народу старонак можна прачытаць – слаўных і горкіх, гучных і ціхіх, але заўсёды адкрытых і сумленных, як і сэрцы тых людзей, што назвалі край Ашмянскі сваім родным краем!

Такім чалавекам быў мастак Вінцэнт Мешкуць. Нарадзіўся будучы майстар у 1880 годзе ў Івянцы. Закончыў курсы жывапісу ў Акадэміі мастацтваў у Пецярбурзе. Там жа ажаніўся з Марыяй з роду  Мінейкаў, пляменніцай  Героя Грэцыі — Зыгмунда Мінэйкі. Да Кастрычніцкай рэвалюцыі Мінэйкі заставаліся, згодна з  царскімі  прадпісаннямі, у Данілаве Яраслаўскай губерніі, а ў 1921 годзе пераехалі ў Ашмянскі павет.

Тут, на Ашмяншчыне, Вінцэнт Мешкуць працаваў настаўнікам малявання і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ў гімназіі імя Яна Снядэцкага. Жыў разам з сям’ёй на вуліцы Барунскай. Нягледзячы на сямейныя абавязкі, выкладчыцкую працу, ён знаходзіў час для малявання.

Асноўным накірункам яго працы становяцца краявіды Ашмянскага павета і навакольных  тэрыторый, у тым ліку Гальшан, Крэва і Барун, азёр Нарач і Свіцязь, а таксама Навагрудка. Зачараванне ўнікальнай прыгажосцю і атмасферай гэтых зямель стала зместам яго жывапісу. Вынікам шматгадовай працы на тэрыторыі Расіі і ў Ашмянскім павеце сталі каля 150 карцін.

Апошнім перыядам жыцця Вінцэнта Мешкуця стаў чэрвень 1941 года… 27 чэрвеня, не чакаючы заканчэння праходжання германскага фронту, Вінцэнт Мешкуць рушыў з дому на вуліцы Барунскай да  «сваёй» гімназіі імя Яна Снядэцкага. На адной з ашмянскіх вуліц ён быў застрэлены нямецкімі салдатамі. Пахаваны мастак на каталіцкіх могілках нашага горада. На жаль, магіла майстра не захавалася.

У 1945 годзе сям’ёй Вінцэнта Мешкуця было перавезена ў Польшчу каля 120 работ. Большасць з іх належыць унукам і праўнукам у Варшаве…

І вось настаў час вяртання работ Вінцэнта Мешкуця ў Ашмяны. 27 лістапада ў краязнаўчым музеі імя Ф.К. Багушэвіча адбылося адкрыццё выстаўкі “Ашмянскія краявіды”, на якой прадстаўлены 34 копіі работ мастака. Упершыню ў пасляваенны час дадзеная выстаўка праводзіцца ў нашым горадзе і ў Беларусі ў цэлым.

Арганізацыя часовай экспазіцыі стала магчымай дзякуючы ініцыятыве і намаганням краязнаўцы, рэдактара сайта “Oszmianszczyzna” і даўняга сябра музея  Міхала Буткевіча.  Яму ўдалося адшукаць на тэрыторыі Польшчы нашчадкаў Вінцэнта Мешкуця, а менавіта ўнука – прафесара архітэктуры Варшаўскага тэхналагічнага ўніверсітэта Конрада Куча-Кучынскага.

У адказ на прапанову арганізаваць выстаўку ў Ашмянах прафесар з радасцю падрыхтаваў і аформіў 34 копіі работ, на якіх адлюстраваны краявіды, касцёлы, сядзібы і палацы Ашмяншчыны, а таксама распрацаваў буклеты аб творчасці Вінцэнта Мешкуця. Адным з самых прыемных момантаў мерапрыемства стала зачытванне прывітальнага ліста ў адрас супрацоўнікаў музея і ўсіх жыхароў Ашмяншчыны ад прафесара Конрада Куча-Кучынскага.

Сімвалічна тое, што работы выкладчыка гімназіі імя Яна Снядэцкага вярнуліся ў Ашмяны напярэдадні юбілею гэтай установы. 1 кастрычніка бягучага года спаўняецца роўна 100 год з дня урачыстага яе адкрыцця.

Акрамя старонак з гісторыі гімназіі вядучыя мерапрыемства Алена Галамбоўская і Настасся Навіцкая звярнуліся да гісторыі тых помнікаў, якія выяўлены на карцінах мастака. Наведвальнікам было прапанавана здзейсніць падарожжа на машыне часу і акунуцца ў 1920-1930-я гады ХХ стагоддзя. Перад вачыма прысутных паўсталі: віды горада Ашмяны, касцёл францысканцаў у Ашмянах, Гальшанскі замак, алея Снядэцкіх у Болтупе, помнік на магіле Енджэя Снядэцкага ў Гародніках, дом Часлава Янкоўскага ў Палянах і інш.

Завяршылася мерапрыемства салодкім пачастункам ад супрацоўнікаў музея ў гонар яшчэ адной значнай падзеі, якая святкуецца 27 верасня: менавіта ў гэты дзень 66 год назад была прынята Пастанова Савета Міністраў Беларускай ССР № 1292 “Аб адкрыцці краязнаўчых музеяў БССР”. Згодна дадзенай Пастановы быў створаны Ашмянскі краязнаўчы музей. Адкрыццё выстаўкі мастака Вінцэнта Мешкуця стала для калектыву ўстановы вялікім падарункам, тым больш, што пасля заканчэння экспанавання работы будуць перададзены ў фонды музея.

на сайт

на сайт 2

на сайт 3

на сайт 4на сайт6

на сайт5

Поделиться в соц. сетях

Опубликовать в Facebook
Опубликовать в LiveJournal
Опубликовать в Мой Мир
Опубликовать в Одноклассники

Пока нет комментариев

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

language / язык

Афіша

Афіша

Вальс Победы

Мы на Одноклассниках

Афіша