21 лістапада 2019 года УК “Ашмянскі краязнаўчы музей імя Ф.К.Багушэвіча” ладзіў чарговую, традыцыйную гістарычную гасцёўню “Гісторыя. Сучаснасць. Памяць…”
Гэтым разам гасцёўня была прысвечаная чатыром юбілейным датам Ашмянскага краю – юбілею раённай газеты, юбілеям з даты нараджэння краязнацаў і журналістаў Ю.І.Нікалаева і А.Р.Карэнеўскага, а таксама фотакарэспандэнта газеты А.А.Радзішэўскага.
80 год таму, 21 кастрычніка 1939 года, выйшаў першы нумар раённай газеты “Знамя Свабоды”, гэты дзень і стаў пунктам адліку ў развіцці мясцовага перыядычнага друка нашага раёну. За восем дзесяцігодддзяў на старонках выдання была зафіксаваная бадай уся гісторыя Ашмяншчыны. Ад першага нумару “Знамя свабоды” да сучаснага “Ашмянскага весніка” выданне было і застаецца сапраўды народнай газетай: аб’ектыўнай да асвятлення падзей, са сваім уласным меркаваннем і стылем.
Доўгія гады свайго жыцця “раёнцы” аддалі Юрый Іванавіч Нікалаеў, Іван Канстанцінавіч Высоцкі, Аляксандр Аляксандравіч Радзішэўскі, Аляксандр Рыгоравіч Каранеўскі, Яніна Іосіфаўна Дарняк, Валянціна Міхайлаўна Драздова, Ганна Мікалаеўна Давідовіч, Аліна Мікалаеўна Санюк, Святлана Генрыхаўна Муцянская і многія многія іншыя.
Найбольш значны след у вывучэнні гісторыі Ашмянскага раёну несумненна ўнёс Аляксандр Рыгоравіч Каранеўскі, 80-гадовы юбіляр. Ён — аўтар натуральнай энцыклапедыі Ашмяншчыны – кнігі “Памяць. Ашмянскі раён”. Гэтая кніга — шматстаронкавы вынік працы адданага краязнаўцы, які ўсё сваё жыццё прысвяціў даследванням гісторыі роднага краю. Аляксандр Рыгоравіч працаваў дырэктарам нашага музея, і зараз дзякуючы ягоным напрацоўкам музей ганарыцца сваімі архіўнымі і даследчымі здабыткамі, а сучаснае пакаленне супрацоўнікаў выкарыстоўвае гэты матэрыял для сваёй працы. Працягваюць справу свайго бацькі і дзядулі дачка Ларыса Аляксандраўна Ларыёнава, і ўнучка Кацярына Пятроўна Паўлоўская – таксама гісторыкі, педагогі, шчыра закаханыя ў свой край людзі.
Юрый Іванавіч Мікалаеў, якому ю споўнілася 85 гадоў – журналіст ад Бога і па прызванню, сапраўдны прафесіянал сваёй справы, неабыякавы і таленавіты чалавек, заслужаны работнік культуры Беларусі, ганаровы жыхар горада Ашмяны. Асаблівы гонар рэдакцыі – кніга Ю.Нікалаева “На хвалі часу, у плыні жыцця”, выданне якой было прымеркаванае да 70-годдзя раённай газеты ў 2009 годзе.
“Скрупулёзнасць, дакладнасць, уважлівасць, асаблівая адказнасць, прафесійная годнасць, з якімі ён ставіўся да кожнага рэдакцыйным заданні, да кожнай здымкі, рэпартажу, аповяду пра чалавека сродкамі фатаграфіі” – так Ю.І.Нікалаеў у сваёй кнізе характарызаваў калегу, фотакарэспандэнта “раёнкі” Аляксандра Аляксандравіча Радзішэўскага, 95-гадовага юбіляра.
На сустрэчу ў гасцёўні сабраліся як былыя, так і цяперашнія супрацоўнікі газеты, родныя і блізкія юбіляраў, жыхары нашага гораду. Вядучыя імпрэзы Таццяна Антонаўна Кіркоўская і Святлана Пятроўна Чарняк пазнаёмілі прысутных з гісторыяй газеты і жыццёвымі лёсамі знакамітых супрацоўнікаў-юбіляраў.
Сваімі ўспамінамі пра юбіляраў-журналістаў падзяліліся Ганна Мікалаеўна Давідовіч, Іван Канстанцінавіч. Людміла Леанідаўна Рыбік, галоўны рэдактар газеты “Ашмянскі веснік” расказала аб працы сучаснай рэдакцыі, падзялілася планамі на будучыню.
Ларыса Аляксандраўна Ларыёнава адзначыла, што рыхтуючыся да сустрэчы пераглядала матэрыялы свайго бацькі. Практычна яго цікавіла ўсё: палітыка, эканоміка, лёсы людзей. У дзённіку ён адзначаў нават свае ўражанні ад падзеяў, што адбываліся. Разнастайнасць інтарэсаў стала адкрыццём для сям’і, таму што быў ён чалавекам нешматслоўным.
Музычныя падарункі падарылі юбілярам настаўнікі дзіцячай школы мастацтваў Надзея Лукашэвіч, Алеся Місюкевіч, Ірына Асмольская, і вучань Ілля Леанідавіч.
Ад усёй душы наш калектыў яшчэ раз віншуе рэдакцыю газеты, родных і блізкіх юбіляраў, зычыць плёну, імпэту, неабыякавасці на працоўным і жыццёвым шляхах!
Добавить комментарий