Сэрцу мілая старонка
У кожнага чалавека ёсць блізкае і роднае месца, дзе ён адчувае сябе спакойна і нязмушана. Бадай няма на зямлі такога чалавека які б не адчувае любоў да родных мясцін, дзе можна на хвіліну спыніцца і адпачыць ад клопатаў і праблем.
17 студзеня 2020 году ў Ашмянскім краязнаўчым музеім імя Ф.К.Багушэвіча пачала работу выстаўка мясцовых фотааматараў “Сэрцу мілая старонка” прысвечаная Году малой Радзімы і 80-годдзю ўтварэння Ашмянскага раёна.
Аўтары – неабыякавыя людзі, майстры сваёй справы: Святлана Муцянская, Алена Апанэль і Алена Жасткова. Для Святланы Муцянскай, фотакарэспандэнта раённай газеты “Ашмянскі веснік” – фатаграфія – гэта прафесія, Для Алены Апанэль і Алены Жастковай – хобі.
Усіх фотамастакоў аб’яднала не толькі любоў да фотасправы, але і любоў да сваёй маленькай Радзімы, да людзей, што жывуць тут, а фотатэхніка дапамагла ім захаваць акаляючае асяроддзе: цудоўную прыроду, розную прыроду, людзей захопленых сваёй працай.
Прадстаўленыя на выстаўцы фатаграфіі абуджаюць эмоцыі, адкрываюць нам вакно ў іншы свет – туды дзе мы яшчэ не былі, туды дзе можа ўжо і наўрад ці будзем. Гэты свет сатканы з перажыванняў і радасцей фотамайстроў.
Сярод прысутных на імпрэзе — зацікаўленыя і апантаныя людзі, якіх аб’яднала любоў да Радзімы, цікаўнасць да жыцця і, канешне, любоў да фотаграфіі. Добрыя словы, пажаданні і падзякі прагучалі ад спецыяльных гасцей – ганаровага жыхара Ашмян Тамары Філіповіч, намесніка галоўнага рэдактара газеты “Ашмянскі веснік” Аліны Санюк і маладога ашмянскага фатографа Вадзіма Завадскага.
І для ўсіх прысутных гучалі музыка і спевы ад музейнага супрацоўніка Марыны Горыд.
Падчас мерапрыемства Святлана Муцянская, Алена Апанэль і Алена Жасткова дзяліліся думкамі, разважаннямі наконт любімай фотасправы. Вядучыя – навуковыя супрацоўнікі музея Ірына Раманаўна Бусловіч і Святлана Пятроўна Чарняк распавядалі пра кожнага, задавалі пытанні, спрабуючы раскрыць асобу майстра не толькі праз здымкі але і праз светаадчуванне.