Таямніца адной пячаткі

Пячатка — графічны знак, які зацвярджае прыналежнасць дакумента да той ці іншай высакапастаўленай асобы, установы ці населенага пункта — можа шмат расказаць пра свайго ўладальніка і гістарычную эпоху ў цэлым. Нездарма сярод найважнейшых знаходак археолагі заўсёды выдзяляюць пячаткі, а шэраг музеяў ганарыцца сваёй калекцыяй сфрагістыкі. Нямала цікавых пячатак захоўваецца і ў фондах Ашмянскага краязнаўчага музея імя Ф.К. Багушэвіча.

Сёння спынімся на адной, пэўна, самай на першы погляд, непрыкметнай. У кнізе паступленняў за 1995 год яна значыцца пад нумарам НД 4303 як “пячатка царкоўная”. Гэта невялікая авальная пячатка памерамі 23х19х15 мм. Аднак калі прыгледзіцца ўважліва,  у цэнтры яе можна убачыць выяву герба “Агінец” , акружаную вянком. Над гербам размешчана карона.

печать

“Агінец” (“Брама”) – старажытны шляхецкі герб, які складаўся з брамы да вайсковага намёту (ці двуножніка з выгнутымі ножкамі і вострымі канцамі), над  ім размяшчаўся крыж з раздвоеным верхнім канцом. Апісаны герб з’яўляецца родавым знакам князёў Агінскіх — адных з самых уплывовых і багатых людзей у Вялікім Княстве Літоўскім і Рэчы Паспалітай. Такім чынам, пячатка адносіць нас у XVIII стагоддзе, калі старостамі Ашмянскімі былі Тадэвуш Францішак Агінскі (1712 – 1783), дзед Міхаіла Клеафаса Агінскага, і Андрэй Ігнацы Агінскі (1740-1787), бацька будучага кампазітара і грамадскага дзеяча.

Герб Огинец фото с сайта wikipedia.org

Герб «Агінец». Здымак з сайта wikipedia.org

Герб жа роду Агінскіх у разглядаемы перыяд складаўся з дзвюх частак. У верхняй на чырвоным полі – выява Георгія Пераможцы, у ніжняй частцы на блакітным полі – герб “Агінец”. Па меркаванні аўтара кнігі “Міхаіл Клеафас Агінскі” С.І. Верамейчыка, ніжняя частка – больш ранняя, а брама да вайсковага намёта — сімвал таго, што шасцёра з князёў Агінскіх былі ваяводамі Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай.

Існуе дзве версіі паходжання рода Агінскіх. Паводле адной з іх (яе прытрымліваліся самі Агінскія), род бярэ свой пачатак ад славутых Рурыкавічаў. Апекунамі роду былі святыя Барыс і Глеб.

Паводле другой версіі, род Агінскіх узнік на Смаленшчыне. Першым з яго ўпамінаецца князь Васіль Глазына, які атрымаў ад вялікага князя літоўскага Казіміра маёнтак Мсціславец на Смаленшчыне. Яго ўнуку Дзмітрыю Глушонку вялікі князь Аляксандр падараваў прывілей на Агінты ў Жыжмарскім павеце. Агінты (Uogintae, ад балцкага “uoga” – ягада) знаходзяцца паміж Трокамі і Коўна, каля мястэчка Кайшыядорыс (Рэспубліка Літва). Менавіта ад назвы гэтага мястэчка ў хуткім часе з’явіцца прозвішча знакамітага роду. Удава Багдана Глушонка княгіня Багуміла, ў 1555 годзе складаючы тэстамент, называе свайго мужа-нябожчыка і сыноў “князямі Агінскімі з Казельска”. З сярэдзіны XVI ст. мянушкі Глазына і Глушонак знікаюць з дакументаў і да сённяшняга дня ўжываецца прозвішча Агінскія.

Сярод прадстаўнікоў роду былі: гетман ВКЛ Міхал Казімір Агінскі, палкоўнік войска ВКЛ Багдан Мацвеевіч Агінскі, гетман польны ВКЛ Ян Агінскі, канцлер ВКЛ Марцыян Аляксандр Агінскі, падскарбій надворны ВКЛ Мікалай Францішак Агінскі, дыпламат, палітык і музыкант Міхаіл Клеафас Агінскі і інш.

Тадэвуш_Францішак_Агінскі_(XVIII) фото с сайта wikipedia.org

Тадэвуш_Францішак_Агінскі.  Здымак з сайта wikipedia.org

У 1739 годзе падчас нарады сенату кароль Аўгуст ІІІ аддаў Ашмянскае староства князю Тадэвушу Францішку Агінскаму. Уезд Агінскіх на староства адбыўся 2 мая 1740 года, калі князь прынёс прысягу земскаму суддзі Барановічу. На той час Тадэвуш Агінскі займаў пасаду вялікага пісара Літоўскага і пражываў разам з жонкай у Тадуліне (Віцебскі павет), дзе пабудаваў царкву і базыліянскі кляштар. Неабходна прызнаць, што Тадэвуш Францішак Агінскі быў прадстаўніком свайго часу: змяняў свае прыярытэты, уступаў у саюзы з іншымі магнатамі, калі гэта было выгадна. У 1744 годзе ён быў маршалкам сойма, на якім так і не было вырашана адно з галоўных пытанняў – аб павелічэнні войска. Тадэвуш Агінскі захоўваў нейтралітэт у барацьбе Чартарыйскіх і Радзівілаў, быў лаяльным да каралеўскага двара, але адхіліў яго прапанову аб дапамозе ў заняцці пасады маршалка Трыбунала ВКЛ. Пазней ён прыклаў усе намаганні, каб гэтую пасаду заняў яго старэйшы сын Андрэй.

 У 1770 годзе князь Тадэвуш атрымоўвае чаканую пасаду ваяводы Трокскага, на той час Агінскія ўжо жылі ў Гануце (15 км ад Маладзечна), дзе збудавалі сабе палац і сядзібу (нажаль, на сённяшні дзень яны не захаваліся). Тут жа, у Гануце, 25 лістапада 1783 года Тадэвуш Францішак Агінскі памёр. Пахаваны ён быў ў склепе капліцы Божага Цела касцёла Св. Яна ў Вільні, якую пабудаваў на ўласныя сродкі ў апошнія гады жыцця.

Яшчэ вясной 1757 года князь Тадэвуш Агінскі перадае ў спадчыну Ашмянскае староства свайму старэйшаму сыну Андрэю Марцыяну Іахіму (Ігнацы) Агінскаму, а 4 лістапада таго ж года ён замяніў свайго бацьку ў наглядзе за сеймікам Ашмянскім.  У наступным мечнік літоўскі, сакратар вялікі літоўскі, кашталян і ваявода трокскі, ён уступіў ва ўладанне Ашмянскім староствам ва ўзросце 17 год. Аднак ненадоўга — з 1765 года староства належыць ўжо Міхалу Бжастоўскаму.

Андрэй Ігнацы Агінскі актыўна праявіў сябе як палітычны дзеяч. У 1769 годзе у якасці надзвычайнага пасла, ён выязджае ў Санкт-Пецярбург. За гэтую місію канфедэраты прызналі Агінскага ворагам і знішчылі яго ўладанні, а кароль Аўгуст надаў князю Андрэю Ігнацы тытулы кавалераў ордэнаў Белага Арла і Св. Станіслава. У 1771 і 1774 годзе, выконваючы місію надзвычайнага пасла Рэчы Паспалітай у Вене, вёў перамовы з аўстрыйскім імператарам. Акрамя таго, Агінскі быў адным з заснавальнікаў масонскай ложы “Сябры дасведчаных”, ператворанай ў ложу “Рыцары Св. Карла”. У апошнія гады жыцця займаўся гаспадарчымі справамі ў сваёй рэзідэнцыі — Гузаў, што пад Варшавай.  У 1786 годзе у Варшаве была выдадзена яго кніга “Інструктаж па эканоміцы для людзей, якія знаходзяцца на гаспадарчай службе…”. У наступным 1787 годзе Андрэя Агінскага не стала, пахаваны ён быў ў кляштары францысканцаў у Медневіцах, недалёка ад Гузава.

Андрэй_Агінскі фото с сайтa wikipedia.org

Андрэй_Агінскі. Здымак з сайтa wikipedia.org

Сёння выява герба “Агінец” з’яўляецца асновай герба гарадскога пасёлка Ліёзна і Ліёзненскага раёна Віцебскай вобласці, як напамін аб тым, што на працягу доўгага гістарычнага перыяду Агінскія былі ўладальнікамі гэтага паселішча.  Нядаўна было знойдзена месца палаца Агінскіх у літоўскім Тракаі. Тут археолагі знайшлі каля дзесяці тысяч разнастайных артэфактаў: кафля, рэшткі керамічных вырабаў і ўпрыгожванняў пакояў, посуд, металічныя вырабы, сталовыя прыборы і інш. На многіх з іх захаваліся поўнасцю ці часткова выявы герба “Агінец”. Усе знаходкі былі перададзены ў музей гісторыі горада Тракай.

У Ашмянскім краязнаўчым музеі таксама захоўваецца, няхай і невялікая, але часцінка памяці аб некалі славутым родзе Агінскіх.

 

Настасся Навіцкая,

дырэктар УК “Ашмянскі краязнаўчы музей імя Ф.К. Багушэвіча”

Поделиться в соц. сетях

Опубликовать в Facebook
Опубликовать в LiveJournal
Опубликовать в Мой Мир
Опубликовать в Одноклассники

Пока нет комментариев

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

language / язык

Афіша

Афіша

Вальс Победы

Мы на Одноклассниках

Афіша