Вайна … Гэтае слова заўсёды пакідае адчуванне страху, чаканне болю і невядомасці. Нават калі прайшло цэлых 100 гадоў …
Нягледзячы на шматлікія артыкулы і кнігі, якіх становіцца ўсё больш і больш, Першая сусветная вайна працягвае заставацца для нас «чужой, незразумелай». Разам з тым ні адна вайна не пакінула ў Беларусі, у тым ліку і на Ашмяншчыне, столькі слядоў, як Першая сусветная: гэта і лініі фартыфікацыі, і жалезныя дарогі, і, вядома, ж могілкі.
Адным з вядучых аўтараў, даследчыкаў Першай сусветнай вайны, калекцыянерам прадметаў таго перыяду з’яўляецца Уладзімір Багданаў. 5 снежня ў Ашмянскім краязнаўчым музеі імя Ф.К. Багушэвіча адбылася сустрэча даследчыка з мясцовымі краязнаўцамі, гісторыкамі, прадстаўнікамі ўлады і падрастаючым пакаленнем.
Падчас сустрэчы Уладзімір Анатольевіч расказаў, што ўжо больш за 10 гадоў займаецца дадзенай тэматыкай. За гэты перыяд выставы з яго калекцыі праводзіліся ў буйнейшых музеях Беларусі. Не пакінуў аўтар без увагі і той факт, што самая першая яго выстава адбылася ў філіяле Нацыянальнага мастацкага музея ў Гальшанах. Таму вяртацца на Ашмяншчыну яму асабліва прыемна.
Уладзімір Багданаў падзяліўся, што самай вялікай нечаканасцю за ўвесь перыяд вывучэння тэмы Першай сусветнай вайны для яго стала вялікая колькасць матэрыялу, засяроджанага ў асноўным у Германіі. Нямала фатаграфій ёсць у калекцыі Уладзіміра Анатольевіча, прысвечаных і сучаснай Ашмяншчыне: Гальшаны, Баруны, Граўжышкі, Ашмяны … Ніхто так не фатаграфаваў Беларусь пачатку XX стагоддзя, як немцы. З пункту гледжання краязнаўства гэта вельмі вялікая спадчына. Многія немцы мелі фотаапараты, ім быў цікавы чужы край, у выніку — мноства фатаграфій.
Асаблівую цікавасць у прысутных выклікала пытанне аб рускім манаплане, які суправаджаў бамбардзіроўшчык «Ілля Мурамец № 16». Краязнаўца са Смаргоні Уладзімір Прыхач распавёў, што даследчыкі даўно звярнулі ўвагу на той факт, што на адных фотаздымках абломкі самалёта, верагодна «Іллі Мурамца № 16», знаходзяцца ў лесе, а на іншых — на адкрытай прасторы. Нядаўна была выяўлена фатаграфія, падпісаная як «абломкі рускага манаплана»; прозвішча лётчыка, які загінуў у той жа дзень, што і гераічны экіпаж бамбардзіроўшчыка, — Якабсан.
Несумненна, самымі яркімі і трагічнымі помнікамі Першай сусветнай вайны з’яўляюцца шматлікія могілкі. Па звестках Уладзіміра Багданава, з той вайны захавалася больш за 300 могілак: каля 90 рускіх, каля 130 нямецкіх, і 60 — змешаных. Тэма воінскіх пахаванняў асабліва блізкая госцю, паколькі ён з’яляецца членам дабрачыннага культурна-гістарычнага фонду памяці Першай сусветнай вайны «Крокі». Уладзімір Анатольевіч расказаў пра дзейнасць фонду, могілках, якія ўдалося давесці да ладу. У сваю чаргу начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Людміла Антонаўна Каханоўская пазнаёміла прысутных аб работах, праведзеных у рамках добраўпарадкавання нямецкага пахавання каля вёскі Доржы.
Нягледзячы на тое, што сустрэча доўжылася больш за паўтары гадзіны, і запрошаны госць, і мясцовыя краязнаўцы доўга не маглі разысціся, абмяркоўваючы самыя надзённыя праблемы захавання і атрыбуцыі помнікаў той вайны. Можна смела сцвярджаць: разам з іншымі помнікамі Ашмяншчыны спадчына Першай сусветнай патрабуе нашых беражлівых адносін і захавання для наступных пакаленняў.
Добавить комментарий