Сустрэча, якая адбылася ў Ашмянскім краязнаўчы музеі імя Ф.К. Багушэвіча, 11 мая, з аднаго боку была незапланаванай і раптоўнай, з іншага – доўгачаканай і такой неабходнай…
Гісторыя гэта пачалася яшчэ ў верасні 2018 года, калі ў нашым музеі была ўрачыста адкрыта выстава копій работ Вінцэнта Мешкуця “Ашмянскія краявіды”. Нагадаем, што Вінцэнт Мешкуць з у 1920-1930-я гг. працаваў настаўнікам малявання і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ў гімназіі імя Яна Снядэцкага. Жыў разам з сям’ёй на вуліцы Барунскай. Асноўным накірункам яго працы становяцца краявіды Ашмянскага павета і навакольных тэрыторый. У 1945 годзе сям’ёй Вінцэнта Мешкуця было перавезена ў Польшчу каля 120 работ. Больш пра Мешкуця ў Ашмянах амаль не ўспаміналі.
Дзякуючы ініцыятыве і намаганням краязнаўцы, рэдактара сайта “Oszmianszczyzna” і даўняга сябра музея Міхала Буткевіча ўдалося адшукаць на тэрыторыі Польшчы нашчадкаў Вінцэнта Мешкуця, а менавіта ўнука – прафесара архітэктуры Варшаўскага тэхналагічнага ўніверсітэта Конрада Куча-Кучынскага.
У верасні 2018 года прафесар падрыхтаваў і аформіў 34 копіі работ, на якіх адлюстраваны краявіды, касцёлы, сядзібы і палацы Ашмяншчыны, а таксама распрацаваў буклеты аб творчасці Вінцэнта Мешкуця і даслаў прывітальны ліст.
Нажаль, у мінулым годзе унук Мешкуця прыехаць у Ашмяны не змог. Але завітаў сюды разам са сваім сынам Янам ў маі бягучага года. Ён наведаў каталіцкія могілкі нашага горада, дзе пахаваны Вінцэнт Мешкуць, будынкі былой гімназіі (сучасная школа-інтэрнат), у падвалах нават знайшоў памяшканні, дзе на фотаздымках адлюставаны яго дзед.
У рамках мерапрыемства “Колеры часу” адбылася сустрэча з прафесарам Конрадам Куча-Кучынскім і яго сынам Янам ў Ашмянскім краязнаўчым музеі. На сустрэчу прыйшлі зацікаўленыя жыхары горада: настаўнікі гісторыі, кіраўнікі школьных музеяў, краязнаўцы і інш. Прафесар архітэктуры выдатна падрыхтаваўся, і няхай яго аповед гучаў на польскай мове, фотаздымкі сям’і Віцэнта Мешкуця, віды горада Ашмяны першай паловы ХХ ст. сталі аб’ядноўваючым матывам для жыхароў дзвюх розных дзяржаў.
Напрыканцы мерапрыемства прафесар Конрад Куча-Кучынскі зрабіў падарункі ў выглядзе копій работ Мешкуця для кіраўніка народнага гісторыка-краязнаўчага музея “Вучоны нашай зямлі” пры Кальчунскай СШ Таццяны Давідовіч, а таксама для краязнаўцы, фатографа, Ганаровага грамадзяніна горада Ашмяны Тамары Філіповіч. Фотаздымак з выявай Вінцэнта Мешкуця ў будынку гімназіі імя Яна Снядэцкага быў падараваны дырэктару Ашмянскай школы-інтэрната Уладзіміру Бізюку.
І няхай мерапрыемства доўжылася больш за гадзіну, госці доўга не маглі разыйсціся, стараючыся абмяняцца кантактамі з прафесарам. Сустрэча ў музеі была плённай для прафесара, які ўпершыню ў пасляваенны час наведаў мясціны, дзе жыў і працаваў яго дзед, важнай сустрэча стала і для мясцовай грамадскасці, якая пазнаёмілася з нашчадкамі ашмянскага мастака.
Добавить комментарий