Выстава «Ашмянскімі шляхамі Фердынанда Рушчыца»

Напярэдадні навагодніх святаў Ашмянскі краязнаўчы музей імя Ф.К. Багушэвіча запрасіў на цікавую імпрэзу. 22 снежня адкрылася выстава “Ашмянскімі шляхамі Фердынанда Рушчыца”, прысвечаная 145 гадавіне таленавітага мастака-пейзажыста, графіка, тэатральнага дэкаратара, які пакінуў глыбокі след у культуры і грамадскім жыцці Беларусі, Польшчы і Літвы.IMG_8025

Пачэснымі гасцямі і ўдзельнікамі мерапрыемства сталі дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Наталля Кучынская, кандыдат мастацтвазнаўства, прафесар Яўген Шунейка, кіраўнік мастацкай суполкі “Абуджэнне” Уладзімір Сайко, член гэтай суполкі Юрый Самко, прадстаўнікі дызайн-студыі Алены Матросавай з Мінска, а ашмянскі край прадставілі мастак, даўні сябар музея і дырэктар школы-інтэрната Уладзімір Бізюк, бацька мастака Сяргея Шэмета Лявон Дзям’янавіч, а таксама мясцовы аматар прыгожага мастацтва Іван Раманоўскі.IMG_8045

Падчас адкрыцця выставы высокія госці звярнуліся са словамі прывітання да прысутных. Прамова кожнага з іх завяршалася заклікам да маладога пакалення пераймаць лепшыя ўзоры мінулага.

Гэта заклік невыпадковы – на адкрыцці выставы прысутнічалі юныя мастакі з СШ № 3 – вучні 5-7 класаў разам са сваімі настаўнікамі Людмілай Яжэвіч і кіраўніком студыі выяўленчага мастацтва “Чароўны пэндзаль” Наталляй Пронінай. Яна прыгадала, як у 1997 годзе мела магчымасць разам з першымі вучнямі эстэт-класаў наведаць выставу работ Рушчыца ў Гальшанах, якая праездам знаходзілася там. Вядомы ашмянец Іван Раманоўскі прыгадаў часы, калі яму давялося пазнаёміцца з палотнамі Рушчыца ў віленскім музеі.

IMG_8082

Але галоўным госцем – завочна – стаў сам славуты зямляк Фердынанд Рушчыц. Ён прысутнічаў на палотнах, нібыта ажываючы ў сілуэтах і партрэтах, размешчаных у храналагічным парадку. І нават на карцінах, дзе славутага мастака глядач не знаходзіць, так і чакаеш, што вось-вось з-за бярозкі ці на сцяжыне з’явіцца постаць генія.

Сапраўды, хоць Фердынанд Эдуардавіч і нарадзіўся на тэрыторыі Валожынскага раёна, у маёнтку Багданаў (сучаснае Багаданава), ён меў вельмі цесныя сувязі з ашмянскай шляхтай і простым людам – бо ўсе гэтыя землі ўваходзілі ў адзін Ашмянскі павет, да таго ж Рушчыц быў вельмі прыязны і адкрыты чалавек. І нават дабіўшыся славы і прызнання ў свеце, заставаўся верным сваёй малой радзіме.

IMG_8130

Спіс ашмянскіх мястэчак і сядзіб, дзе бываў Рушчыц, налічвае мноства пунктаў: Гальшаны, Бянюны, Баруны… Быў знаёмы мастак з уладальнікамі Гейстун, Дакурнішак, Рамейкішак, Палян… З аповяду вядучай імпрэзы Настассі Навіцкай прысутныя даведаліся, што, хоць мастак вельмі любіў ашмянскія краявіды і вёскі, цэнтр павету –  Ашмяны – чамусьці яго не вельмі ўражваў. Захаваўся яго запіс, дзе мэтр іранічна заўважае: “…сёння я ў мядзведжым футры, у глыбокіх гамашах, буславым крокам шпацырую па балоце малога мястэчка, саджуся абедаць у “клубным” рэстаране са штучнымі пальмамі на сталах!” Але не трэба думаць, што ён грэбаваў нашым горадам – 1 кастрычніка 1918 года ён прыстунічаў на адкрыцці ашмянскай гімназіі, пазней быў абраны ў склад павятовага камітэту Ашмяншчыны і менавіта ён напісаў адозву “Да паветнікаў”. Вядомы некалькі яго замалёвак, напрыклад “Вуліца ў Ашмяне” (1900 год) і “Ашмяна. Млын” (1904 год). Бываў ён і ў Барунах: у тым жа 1918-м ён прысутнічаў там на ўрачыстым асвячэнні касцёла і прыняў удзел у стварэнні барунскай школы, падчас адкрыцця якой выступіў з палымянай прамовай.

IMG_8149

Музычнае афармленне мерапрыемства стварыў дуэт настаўнікаў школы мастацтваў у складзе Ірыны Асмольскай і Алесі Місюкевіч.

Мінскія мастакі зрабілі выдатны навагодні падарунак – усе карціны, якія прадстаўлены на выставе, былі перададзены ў ашмянскі музей. А завяршыў мерапрыемства майстар-клас, на якім таленавітыя госці ў імгненне вока стваралі бясплатныя партрэты ўсім жадаючым.

Выстава працягнецца да 10 студзеня, таму жыхарам і гасцям нашага горада мы рэкамендуем не пашкадаваць часу і наведаць музей.

Дзмітрый РАДКЕВІЧ.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.

Матэрыялы ўзяты з сайта газеты «Ашмянскі веснік» www.osh.by

Поделиться в соц. сетях

Опубликовать в Facebook
Опубликовать в LiveJournal
Опубликовать в Мой Мир
Опубликовать в Одноклассники

Пока нет комментариев

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

language / язык

Афіша

Афіша
Выборы_2018а
События
Афіша

Мы на Одноклассниках

Афіша